Меркаванні

Фядута пра Аўтуховіча: У дворыку «Амерыканкі» ён упарта рабіў практыкаванні, імкнучыся падтрымліваць сябе ў форме

Літаратар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца, палітычны аналітык Аляксандр Фядута апублікаваў калонку на сайце «Беларускі ПЭН».

Аляксандр Фядута, фота Белсат

Астраномію мне ў школе выкладаў Марк Сямёнавіч Гуткін. Дзякуй Богу, ён тады быў зусім яшчэ малады, таму сёння мы з ім можам размаўляць у інтэрнэце і час ад часу абмяркоўваць рух калі не нябесных, дык, прынамсі, палітычных і культурных свяцілаў. А тады ад яго я ўпершыню даведаўся, чым зоркі адрозніваюцца ад планет, што такое туманнасці, якія існуюць сузор’і — ну і гэтак далей. Я дагэтуль шкадую, што не ён выкладаў мне фізіку: магчыма, я хоць трохі разбіраўся б і ў гэтай навуцы, якая здолела прымусіць служыць сабе царыцу ўсіх навук — матэматыку.

А так — астраномія. Але я і дагэтуль часам углядаюся ў зорнае неба над галавой і, учытваючыся ў вобразы сусветных класікаў, звязаныя з нябеснымі целамі, думаю, наколькі дакладнымі — ці, наадварот, недакладнымі — бываюць праведзеныя імі паралелі.

І цяпер я ўзгадваю адзін з самых яскравых вобразаў, вычытаны калісьці даўно ў не надта моднага сёння палітычнага эмігранта Аляксандра Герцэна.

Гэты «добры рускі» напісаў неяк пра іншага рускага палітычнага эмігранта, Міхаіла Бакуніна: кожны з нас народжаны пад зоркай, а ён нарадзіўся пад каметай.

Гэта вельмі трапная характарыстыка, якая апісвае траекторыю руху палітычнай асобы, менаванай Бакуніным. Зоркі — гэта тое, чыё святло мы бачым, але не ведаем, наколькі само цела яшчэ жывое. Святло далёкай зоркі можа даходзіць да нас стагоддзямі, можа — тысячагоддзямі. Зоркі ўжо няма, а святло ідзе.

Камета рухаецца ў нас на вачах. Яна можа быць нябеснай доўгажыхаркай, можа з’яўляцца раз, скажам, на стагоддзе, потым знікаць, і толькі астраном будзе здольны вылічыць, існуе яна яшчэ або не, і калі — так, існуе, то калі зноў з’явіцца на нашым небасхіле.

Каметы, як правіла, асацыююцца ў чалавецтва з прадвесцем катастроф. Скажам, у Расіі камету 1812 года менавіта так і ўспрымалі. І нашэсце Напалеона на Расію нібыта менавіта з гэтай каметай і звязвалася. Я не ведаю, ці была якая-небудзь камета над Кіевам у 2014 ці ў 2022 годзе, але ў дадзеным выпадку яна проста мусіла з’явіцца — хаця б у напаўзапалёнай свядомасці астраномаў. З’явіцца — а потым перамясціцца куды-небудзь у прастору без подыху і без душы над Масквой і ўжо там прадвяшчаць, кажучы словамі Віктара Шэндэровіча, што вёску Гадзюкіна змые.

Але людзі, народжаныя пад каметай, ад гэтага менш яркімі і трагічнымі не робяцца.

Я не ведаю, пад якой зоркай мог нарадзіцца Мікалай Статкевіч, але яўна без каметы не абышлося. Або Ігар Аліневіч.

Іхная зорка ніяк не можа стаяць спакойна на тым месцы, якое адвёў ёй усеваладар і творца Сусвету. Яна мусіць перамяшчацца. Яна мусіць падштурхнуць народжанага пад ёй палітыка да самаахвярнасці ў імя высокай, светлай — і часам заведама недасяжнай ідэі.

Леў Гумілёў называў такіх людзей пасіянарыямі. Томас Карлайл — героямі. Нехта яшчэ з вялікіх (я памятаю гэтыя словы з цытаты, прыведзенай Святланай Алексіевіч, хоць і раней іх чуў) сказаў: «Гора народу, які мае патрэбу ў героях». Дадам: і яшчэ большае гора народу, які забівае тых, хто мог бы стаць яго героямі.

Я гляджу на цяжкое шэрае неба за акном. Толькі што скончыўся дождж, і свежасць яшчэ не паспела растаць.

Я ўспамінаю, як разам з Мікалаем Аўтуховічам мы гулялі ў бетонным дворыку мінскай Амерыканкі. Як Аўтуховіч упарта рабіў практыкаванні, імкнучыся падтрымліваць сябе ў форме, — а яму ўжо было крыху за шэсцьдзесят гадоў.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 25 гадоў

І я думаю, якой упартасцю, якой сілай волі павінен валодаць гэты чалавек, што ўжо трэці раз трапляе на гады за краты, каб і далей не здавацца абставінам — і не толькі палітычным, але і чыста біялагічным. Узрост? Няма ўзросту. Ёсць сіла волі, сіла духу сапраўднага мужчыны, які не здаецца, трымае ўдар.

Калі-небудзь ягоная камета спыніцца, астыне, ператворыцца ў планету, на якой з’явіцца паветра. На ёй можна будзе жыць. Мне хочацца ў гэта верыць.

Як можна будзе жыць на прыціхлых у сваім бегу каметах, пад якімі нарадзіліся Статкевіч і Аліневіч. Ім не далі стаць стваральнікамі — але яны не сталі і разбуральнікамі. Не сталі разбуральнікамі нават уласных жыццяў і ўласных лёсаў.

Ігар Аліневіч асуджаны на 20 гадоў

Яны працягваюць выклікаць захапленне — той сілай, што праносіцца над нашай планетай раз на сто, а можа, і на тысячу гадоў, і аддае часцінку сябе гэтым дзівосным людзям.

Дай Божа, каб яны не астывалі. Тады, магчыма, у нас, хто не надта варты іхнай сілы і душэўнай самаахвярнасці, з’явіцца шанец.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне12

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў3

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

Тульская вобласць падверглася атацы дронаў4

Кот д'Івуар, Эквадор, Японія, Швецыя і Аўстралія выйшлі ў плэй-оф чэмпіянату свету1

Што такое дыябет пятага тыпу? Надоўга забытая форма хваробы атрымала афіцыйнае прызнанне1

Кітай спакваля пашырае сваю марскую юрысдыкцыю на ўсход ад Тайваня

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне12

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць