«Вывучалі гісторыі васьмі памерлых». У Мінздароўя сёння разгледзяць сітуацыю з кіслародам у віцебскай БХМД
У Міністэрстве аховы здароўя 30 сакавіка пройдзе пасяджэнне лячэбна-кантрольнага савета, на якім разгледзяць надзвычайнае здарэнне з падачай кіслароду хворым на ШВЛ 7-8 студзеня ў Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Пра гэта Tut.by паведаміў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Уладзімір Мартаў, які ў пачатку сакавіка апублікаваў гэтую праблему ў інтэрв'ю парталу.
— На мінулым тыдні ў Віцебскай БХМД прайшлі патолагаанатамічныя канферэнцыі. Камісіі Міністэрства аховы здароўя вывучалі медыцынскую дакументацыю.
На канферэнцыях разабралі 8 гісторый хваробы пацыентаў, якія памерлі ў хірургічным корпусе 7-8 студзеня і пазней, — паведаміў Уладзімір Мартаў. — У двух пацыентаў з васьмі ў гісторыі хваробы былі запісы доктара аб спыненні падачы кіслароду — і ў гэтых двух чалавек на канферэнцыях выявілі прычынна-выніковую сувязь з пагаршэннем іх стану. У астатніх пацыентаў, у каго ў картах запісаў пра кісларод не было, гэтую сувязь не ўстанавілі.
Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі распавядае, што людзі пасля здарэння паміралі па-рознаму:
— Хтосьці, напрыклад, памёр 12 студзеня, але сувязь са спыненнем падачы кіслароду ў яго смерці ўстаноўлена. Хтосьці памёр адразу — 7 студзеня, — але сувязь не ўстаноўлена.
Уладзімір Мартаў кажа, што яму і калегам важна даведацца, да якіх высноў прыйдзе лячэбна-кантрольны савет Міністэрства аховы здароўя:
— Лячэбна-кантрольны савет Міністэрства аховы здароўя — гэта вышэйшы орган ведамства, на якім разбіраюць розныя надзвычайныя здарэнні. Мне, супрацоўнікам нашага аддзялення, а таксама многім беларускім дактарам прафесійна цікава даведацца, як расследавалі віцебскі выпадак, якія рашэнні ў выніку прымуць, якія зробяць высновы.
Нагадаем, старшынёй лячэбна-кантрольнага савета (ЛКС) Міністэрства аховы здароўя з'яўляецца першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. Да працы ЛКС могуць прыцягвацца галоўныя штатныя і пазаштатныя спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, кіраўнікі і спецыялісты ўпраўленняў аховы здароўя аблвыканкамаў, камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, медустаноў.
ЛКС дае ацэнку «стану, даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі, якая аказваецца насельніцтву», вызначае «напрамкі па ўдасканаленні якасці аказання медыцынскай дапамогі».
Каментары