Грамадства44

Вядомае музычнае шоу «СамШазам» закрылася ў Беларусі. Мікіта Найдзёнаў расказаў, чаму перазапускае яго ў Варшаве

Стваральнік і вядоўца музычнага шоу «СамШазам» Мікіта Найдзёнаў распавёў, як яны працавалі ў апошнія гады, чаму больш не зможа праводзіць шоу ў Беларусі і якія планы цяпер.

«СамШазам» — гэта музычнае шоу з бэндам і вядоўцамі, дзе госці адгадваюць песні ў жывым выкананні. За сем гадоў працы ў Беларусі адбылося больш за 500 мерапрыемстваў.

А пачынаўся «СамШазам» у Мінску ў 2018 годзе са сторыс музыкі Мікіты Найдзёнава.

— У той момант я быў без гурта ці іншага музычнага праекта. Як кажуць, just for fun, узяў укулеле, пачаў граць на ім нейкія вядомыя песні і прапаноўваў падпісчыкам угадаць кампазіцыю. Нечакана нават для мяне людзям гэта вельмі спадабалася, яны актыўна адгукаліся.

Праз некалькі месяцаў Мікіта вырашыў зрабіць першую афлайн-імпрэзу. На гульню сабралі дзевяць каманд (каля 50 чалавек). Музычны квіз потым перарос у сапраўднае шоу.

Пасля першага выступу «СамШазам» паклікалі выступіць на музычным фестывалі і з’явіліся замовы на карпаратывы.

— Мы змянілі і фармат карпаратываў — раней на іх людзі елі ды слухалі кавер-бэнды. Мы ж паказалі, што можна бавіць час значна цікавей. Дзякуючы гэтаму «СамШазам» адносна лёгка перажыў кавідны 2020 год. Мы хутка прыдумалі анлайн-фармат гульні. І пакуль іншыя музыкі сядзелі без працы, мы рэгулярна рабілі стрымы ды нармальна на іх зараблялі.

Але 22 сакавіка 2023 года Мікіту затрымалі паводле палітычнага «народнага» артыкулу 342 КК — за ўдзел у пратэстах.

— Як цяпер памятаю, у мяне было шмат планаў на гэты дзень. Я павінен быў праводзіць сумоўе, потым паехаць запісваць новую песню… Мне было складана ўявіць, хто зможа замяніць мяне як вядоўцу на «СамШазаме». Дый не толькі як вядоўцу, я ж займаўся прадзюсаваннем шоу, праграмай… Але ў такой складанай сітуацыі каманда аператыўна зарыентавалася і здолела працягнуць працу без мяне.

Каманда «СамШазама» старалася не афішаваць тое, што Мікіта трапіў у бяду. Але інфармацыя ўсё ж з’явілася ў публічнай прасторы. Аўдыторыя праекта з паразуменнем ставілася да ўсяго гэтага.

— Я не магу сказаць, што навіна пра маё затрыманне неяк пашкодзіла ці наадварот неяк дапамагла. Але мне здавалася, што гэта ўсё ж інтымная справа і лепей бы ўсе думалі, што я ў нейкім творчым адпачынку.

Чатыры месяцы Мікіта правеў за кратамі — у выніку атрымаў 3 гады хатняй хіміі. Апынуўшыся на свабодзе, амаль адразу вярнуўся да працы.

— Мы зрабілі маё вяртанне проста шыкоўным. Запісалі беларускамоўны кавер на песню Mr. Brightside гурта The Killers. Дарэчы, менавіта над ім я працаваў у ноч перад сваім затрыманнем.

Пачынаецца гэта песня словамі: Coming out of my cage, and I've been doing just fine («Выходжу з клеткі, і ў мяне ўсё добра»), — атрымалася даволі сімвалічна.

— Тады я ўпершыню прыйшоў на «СамШазам» як госць — аўдыторыя вельмі цёпла мяне сустрэла, бо ўсе ўсё разумелі. Сапраўды ў нас былі цудоўныя адносіны ўнутры кам’юніці, якое мы выбудавалі. У нас людзі знаёміліся і стваралі сем’і, мы разам праходзілі ўсе гэтыя эмацыйныя цяжкасці — ад кавіду да наступстваў рэпрэсій. Калі пачалася вайна, мы разам усе рэфлексавалі.

Праз некалькі месяцаў Мікіта вырашыў з’ехаць у Польшчу, але пару разоў да гэтага паспеў правесці «СамШазам». Пасля пераезду яму прыйшлося публічна дыстанцыявацца ад праекту — але за кадрам працаваць над ім ён працягваў.

Мікіта жартуе, што адчуваў сябе ў той час быццам сурагатны бацька — бо нікому не мог расказаць, што займаецца праектам. Але прызнаецца, што на дыстанцыі з кожным месяцам было ўсё больш складана падтрымліваць «СамШазам».

— «СамШазам» ад пачатку быў свабодалюбівым, іранічным праектам. У 2018 годзе мы былі адбітыя і амбітныя, смелыя і вясёлыя. А ў 2023‑2024 гадах у краіне ўжо было больш забаронена, чым дазволена.

Ад былой каманды, з якой мы прайшлі агонь і ваду, заставалася ўсё менш удзельнікаў, трапілі выпадковыя людзі… У Мінску «СамШазам» ужо не мог быць тым, што раней. Трэба было пяць разоў думаць, ці можна ўзяць тую ці іншую песню, двухсэнсоўныя жарты вырашылі прыбраць…

Мікіта распавядае, што з 2024 года значна ўзмацнілася цэнзура — пачалі патрабаваць узгадняць папярэдне ўсе песні, якія будуць гучаць.

— Увогуле, пасля 2022 года музычны свет падзяляўся на два полюсы. У Беларусі пад забарону трапілі артысты, якія выступілі супраць вайны. Таму многія любімыя песні беларусаў — напрыклад, хіты таго ж Меладзе, Земфіры ці Пугачовай аказаліся ў чорным спісе. Мы круціліся як той вуж, каб і праграму зрабіць цікавай, і каб трэк-ліст прайшоў узгадненне і «СамШазам» атрымаў гастрольку. Нас прымусілі праходзіць тую працэдуру, якую цяпер у Беларусі праходзяць усе артысты.

У нейкі момант каманда стала перад выбарам: ці канчаткова прымаць правілы гульні, ці перавозіць «СамШазам» у іншую краіну.

Рашылі перазапускацца ў Польшчы. Першыя імпрэзы запланаваныя ў Варшаве на 26 і 27 лістапада.

— Тут ужо жыве шмат людзей, якія хадзілі на «СамШазам» у Мінску. Я ведаю, што сабраліся ўжо прыехаць людзі з Уроцлава, Гданьска і Вільні. Гэта будзе «той самы «СамШазам», але крыху адаптаваны для эмігранцкай аўдыторыі. Напрыклад, зробім «Эмігранцкі», «Настальгічны» раўнды ды «Беларускія зашквары».

У будучыні Мікіта таксама думае пра правядзенне «СамШазам» на англійскай і, імаверна, на польскай мовах. А таксама спадзяецца, што атрымаецца прывезці шоу ў іншыя гарады Еўропы, дзе цяпер жыве шмат беларусаў.

— Пачынаецца еўрапейская старонка ў жыцці «СамШазам». Мне самому хочацца пабачыцца з тымі беларусамі, з якімі мы сустракаліся ў Мінску. Спадзяюся, праект прыжывецца і атрымае працяг. Можа, канешне, атрымацца і так, што ён і закрыецца хутка. Але цяпер мы поўныя энтузіязму і імпэту. 

Каментары4

  • Крутое шоў
    19.11.2025
    Поспехаў СамШазаму на новым месцы!!!
  • Хіты таго ж Меладзе, Земфіры ці Пугачовай
    19.11.2025
    То бок мэта шоу - папулізацыя расійскай музыкі сярод беларусаў?
  • О!
    19.11.2025
    Дзякуй за інфармацыю, абавязкова пайду

Цяпер чытаюць

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну7

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская выступіць на амерыканскім форуме па бяспецы ў Аспене13

Беларусь увайшла ў топ-25 краін з самым танным курыным філе3

Караль Наўроцкі заклікаў польскі Сейм забараніць сцяг УПА37

Чэшка Лінда Носкава выйграла Уімблданскі турнір

Беларусам патлумачылі, чаму накіп у чайніку — гэта добра6

Наста Рагатко расказала пра «тупыя ўстаноўкі», ад якіх ёй прыйшлося адмовіцца пры продажы сваёй кнігі13

Манэ і не снілася. У дэндрасадзе каля Нарачы можна пабачыць сажалку з гарлачыкамі і больш за 500 раслін2

Сабаленка расказала, чаму жаніх падарыў ёй такі буйны пярсцёнак2

У Ашмянах бабёр перайшоў дарогу строга па пешаходным пераходзе ВІДЭА4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну7

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць