Меркаванні11

Барыс Ельцын і Сьвятлана П.

Камэнтар Рэдакцыі.

Камэнтар Рэдакцыі.

Расея разьвіталася зь першым за сваю шасьцісотгадовую гісторыю дэмакратычна абраным кіраўніком. Пахавала даволі абыякава. Лічаныя тысячы людзей прыйшлі разьвітацца з былым кумірам. Не параўнаць з тым, як беларусы хавалі Быкава.

Тое, што Ельцын быў першым прэзыдэнтам у краіне, якая раней ведала толькі абсалютных манархаў і генсекаў, многае тлумачыць як у абыякавасьці разьвітаньня, так і ў манеры кіраваньня таго, каго адпявалі. Аднак чаму Ельцын, які мог лёгка перавесьці ўсё да звыклага працягу папулісцкай тыраніі, як тое зрабілі некаторыя ягоныя калегі, выбраў, урэшце, іншы шлях?

«Якая сіла вяла клясычнага савецкага мэнэджэра, тыповага рэгіянальнага партработніка, які меў грубаватыя манеры практыка‑гаспадарніка з вытворчага раману, да таго, каб зьмяніць краіну, уклад якой здаваўся непарушным і вечным? Зьбег абставінаў, інтуіцыя, сэрца?» — задае пытаньні расейскі камэнтатар Андрэй Калесьнікаў.

Больш чым выпадак, інстынктыўная прага ўлады ці эмоцыя, думаю, Ельцына вяло цьвёрдае, вынашанае перакананьне. Ягоны дзед быў раскулачаны, бацька рэпрэсаваны, сам Ельцын, як сотні савецкіх людзей, здолеў вырваць для сябе вышэйшую адукацыю толькі таму, што прыхаваў сямейную біяграфію. Дзяцінства, першы выхад у людзі, жыцьцёвыя ўнівэрсытэты, як сфармуляваў Горкі, тры пункты, якія фармуюць сьветапогляд назаўжды.

Такія, як Ельцын, былі ў кампартыі, нават сакратарамі, бо была ў іх энэргія і розум, а дарога да самарэалізацыі, а часам проста самазахаваньня, ішла праз партыю. Яны прымалі правілы гульні, але ведалі: вось паўпраўда, прапаганда, а тое — чысты падман. А вось гэтае: раскулачаны дзед, рэпрэсаваны бацька, бяспраўнае юнацтва ёсьць праўдай савецкае гісторыі. Таму Ельцын з палёгкай прайшоў праз пераацэнку каштоўнасьцяў і пры першым выпадку паквітаўся зь бесчалавечнай сыстэмай, ад якой так пацярпела ягоная сям’я.

Сьветапогляд Ельцына быў сфармаваны ягоным сямейным вопытам, але і той адукацыяй, якую ён атрымаў, і грамадзтвам, да якога належаў. Рэформы Ельцына кантраставалі з рэформамі Гаўла настолькі, наколькі розьніліся грамадзтва Расеі й Чэхіі і адукацыя лідэраў, выштурхнутых наверх хваляй перавароту. І, на выхадзе з рэформаў, багацьце сям’і Гаўла і багацьце сям’і Ельцына.

...Празь некалькі гадзінаў пасьля сьмерці першага прэзыдэнта Расеі ў сталіцы Беларусі затрымалі чатырох хлопцаў і адну дзяўчыну. Быццам бы яны расклейвалі налепкі «Чарнобыльскага шляху» на мосьце між Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнамі («як многа гавораць мне назвы такія»). А можа ўвогуле нічога не расклейвалі, а проста гучна жартавалі на беларускія тэмы. Так бы мовіць, нецэнзурна лаяліся. Штатная сытуацыя нашых дзён. На наступны дзень самы гуманны на сьвеце судзьдзя Ш. праштампаваў прысуды: па сем сутак. Так выйшла, што я ведаю адну з затрыманых — бялявую Сьвятлану П., будучую мэдсястрычку, ведаю, хоць і завочна яе немаладую, спрацаваную маму, брата, які вымушаны быў кінуць працу і правесьці два дні каля суду і ізалятара.

Працуючы ў адным з апошніх бастыёнаў беларускай свабоды і пераезьдзіўшы паўкраіны, ведаю сотні такіх сьветлых юнакоў, расклейшчыкаў і хуліганак. Хтосьці зь іх — Кастусь, Алесь ці тая самая Сьвятлана, выпускнікі акрэсьцінскага, а часам, на жаль, валадарскага, шклоўскага ўнівэрсытэтаў — гадоў праз 20—30 узначаляць нашу краіну. У гэтым я бачу вялікі шанец беларускай нацыі.

Каментары1

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club4

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Усе навіны →
Усе навіны

З бензінам бяда, а елі на бардзюры: былая фрыстайлістка Асоль Слівец з чатырма дзецьмі вяртаецца з адпачынку ў Расіі9

Збой на БЧ: цягнікі з Полацка і Брэста затрымліваюцца на некалькі гадзін2

ФСБ абвінаваціла рэпера Kyivstoner у падрыхтоўцы атакі беспілотнікаў на прадпрыемства ў Падмаскоўі9

У ДТЗ пад Магілёвам сутыкнуліся 19‑гадовы матацыкліст і 72‑гадовы кіроўца аўто1

Шматдзетную маці з-пад Мінска, якая ладзіла дзіцячыя святы, асудзілі за палітыку8

8000 рублёў за год навучання. Самыя дарагія спецыяльнасці ў ВНУ Мінска3

Арына Сабаленка з жаніхом і сабакам прыляцелі ў Мінск чартарным рэйсам. Іх сустрэлі народнымі танцамі і караваем21

У Мінску жанчына-бяспраўніца пратараніла дзве машыны, адна з якіх урэзалася ў трамвай

Paramount Pictures набыла правы на экранізацыю арыгіналу «Кашмару на вуліцы Вязаў» і плануе выпусціць новы поўнаметражны фільм

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club4

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць